Зэльвенскі Кулібін – Баляслаў Касавец – 65 гадоў прысвяціў працы на малой радзіме

Ёсць людзі, лёс якіх неаддзельны ад лёсу зямлі, дзе нарадзіліся. Уявіць іх у іншым месцы проста немагчыма – настолькі яны прараслі карэннямі ва ўсе значныя справы, што здзяйсняліся на малой радзіме. Менавіта да такіх людзей смела можна аднесці зэльвенскага Кулібіна – Б.А. Касаўца. Працоўны стаж у яго такі вялікі, што камусьці можа падацца нерэальным – 65 гадоў!

І гэта толькі зыходзячы з запісаў у працоўнай кніжцы. А работа на бацькоўскім надзеле, калі Баляслаў з 12 гадоў не выпускаў з рук плуга, тут не ўлічана.

Родам Баляслаў Антонавіч з Косцевіч. Бацькі, Антон Адамавіч і Тэафілія Адамаўна, былі вельмі стараннымі працаўнікамі на сваёй зямлі, з самых малых гадоў прывучалі трох хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак да сялянскай працы. Усе раслі дружнымі і кемлівымі.

Здавалася б, плуг – далёка не правобраз тых станкоў і машын, на якіх стане працаваць хлопец, але догляд за імі прывучыў падлетка да адказнага стаўлення да кожнай прылады працы, удумлівых адносін да прынцыпу яе работы. І калі ў зэльвенскім райпрамкамбінаце Баляслаў пачаў асвойваць станкі ў механічнай майстэрні, вельмі хутка пачаў спраўляцца з самымі адказнымі даручэннямі.

Кіраваў райпрамкамбінатам у той час удзельнік партызанскага руху на Зэльвеншчыне Р.Л. Кірылаў. Ён адразу прыкмеціў стараннага юнака. І заахвочваў яго імкненне не толькі працаваць на такарных, фрэзерных, свідравальных станках (усіх, якія меліся ў майстэрні), але і ўдасканальваць нешта ў рабоце кожнага.

Райпрамкамбінаты ў той час абслугоўвалі патрэбы ўсёй мясцовай прамысловасці: лесапільных і цагельных заводаў, воўначасальных, кавальска-слясарных, абутковых майстэрняў, млыноў і г.д. У той час у нашым раёне толькі млыноў 10 дзейнічала, абсталяванне на якіх патрабавала то замены, то рамонту. А былі ж цагельня ў Пустаборах, торфараспрацоўкі ў Забагонні, спіртзаводы і… галаўны боль кіраўніцтва раёна – зэльвенская гідраэлектрастанцыя, будаўніцтва якой ішло цяжка і марудна.

Хоць магутнасць будучай ГЭС была і невялікай, аднак патрэбу ў ёй мелі пасёлак і бліжэйшыя вёскі даволі значную. Катастрафічна не хапала сродкаў на генератары, турбіны, трансфарматары. Ды і рабочай сілы бракавала, асабліва тэхнічна адукаваных людзей.

І вось 19 верасня 1949 года прымаецца спецыяльнае рашэнне Гродзенскага аблвыканкама “Аб будаўніцтве Зэльвенскай гідраэлектрастанцыі”. Р.І. Кірылаву, тады ўжо намесніку старшыні Зэльвенскага райвыканкама, дазвалялася менш увагі ўдзяляць іншым праблемам, а сканцэнтраваць усе намаганні на будаўніцтве ГЭС. Тое ж тычылася і кіраўніка райпрамкамбіната т. Давыдкіна, для якога будаўніцтва электрастанцыі становіцца справай персанальнай адказнасці.

І вось у гэты складаны для раёна час Баляславу Касаўцу прыходзіць павестка з ваенкамата. Кірылаў забіў трывогу. “У час вайны самым вопытным работнікам тылу давалі бронь? Давалі! Вось і ў нас будаў-
ніцтва ГЭС – той жа фронт. І бронь такім, як Баляслаў, проста неабходна”, – пераконваў ён ваенкамат. І адваяваў юнака! Замест войска ваенкамат накіраваў здольнага хлопца на вучобу ў Маскву, у ваеннае вучылішча, што рыхтавала механікаў.

Пасля вучобы Баляславу даводзілася ўсё больш і больш выконваць заказы прараба на будоўлі ГЭС – Варапаева. І таму ні для каго не было нечаканасцю, калі Баляслава з райпрамкамбіната перавялі на пасаду машыніста гідратурбіны толькі што ўвайшоўшай у эксплуатацыю электрастанцыі. Маладога спецыяліста вельмі цанілі ўсе кіраўнікі ГЭС – і Крыўцоў, і Кабанчанка, і Марголін.

Розныя пасады займаў Касавец, але менавіта да яго звярталіся дырэктары ў складаных сітуацыях, часта ігнаруючы думку галоўнага інжынера. Працаваў Баляслаў Антонавіч на ГЭС да самага яе закрыцця, пакуль раён не падключылі да адзінай сеткі энергазабеспячэння. Пра той час згадвае з асаблівым хваляваннем. Гэта былі гады яго станаўлення і як механіка, і як сем’яніна.

Яшчэ напачатку працы ў Зэльве Баляслаў задумаўся аб сваім жыллі. З Косцевіч у Зэльву, з Зэльвы ў Косцевічы дабіраўся то пешшу, то веласіпедам. Гэта адымала шмат сіл і часу. Улады заахвочвалі тых, хто сваімі сіламі ствараў сабе належныя ўмовы для жыцця. І Баляслаў паціху будаваўся па вул. 17 Верасня.

На гэтай вуліцы размяшчалася (тады ў доме Тараканаў) невялікая кнігарня, у якой працавала вельмі прыгожая дзяўчына Надзя. Хлопец не раз заглядваўся на яе, а калі Надзейка пачала пераносіць свой скарб у тыповы будынак (у ім, праўда, зараз не кнігарня, а магазін прамысловых тавараў), то і дапамагаў не раз.

І калі ў сваім доме абсталяваў пакой, вырашыў, што не грэх прывесці ў яго маладую гаспадыню. Ох, і зайздросцілі мясцовыя дзяўчаты Надзеі (яна – не зэльвенка)! “Прыгожы, працавіты, ды яшчэ і са сваёй хатай хлопец дастаўся не ім, а прыезджай. Але, як сёння ўспамінае Надзея Васільеўна, хапіла працы ў новым доме абоім. Ні ёй, ні яму не верыцца, што прайшло з той пары больш за 60 гадоў, што выгадавалі двух сыноў, прычакалі чатырох унукаў і семярых праўнукаў.

За гэты час зведалі Касаўцы шмат жыццёвых нягод. Але глыбокая вера ў Бога дапамагала ўсё пераадолець, а любоў і павага
адзін да аднаго заўсёды падказвалі выхад з самага складанага становішча. Унукі і праўнукі любяць бываць у дзядулі з бабуляй: на ўсіх хапае сардэчнай цеплыні ў гэтай мілай пары, што, як пчолкі ў вуллі, працуюць безупынку над дабрабытам вялікай сямейкі.

Пасля закрыцця ГЭС Баляслаў Антонавіч уладкаваўся на працу ў мехкар’ер. Па-ранейшаму бездакорна выконваў усе работы і як слесар, і як токар, і як каваль, і як механік. Што заказвалі – тое і рабіў. Кіраўнікам з Касаўцом было заўсёды лёгка: усе інструменты ў ідэальным парадку, а калі чаго не хапала, прыносіў з дому. Для сваіх патрэб Баляслаў Антонавіч збіраў інструменты ўсё жыццё: ён не любіць прыпыняць пачатую справу з-за недахопу эксклюзіўнай прылады.

Працаваў Касавец і ў калгасе імя Леніна, і ў райаддзеле міліцыі. З гэтым перыядам звязана ледзь ці не кур’ёзная сітуацыя. Справа ў тым, што ў калгасе Баляслаў Антонавіч працаваў на стаўку днём, а ў міліцыі на палову стаўкі – вечарам. У міліцыі лічыўся адказным за газавае абсталяванне, а паколькі жыве побач з райаддзелам, то выклікалі па патрэбе ў любы час, нават ноччу. Прычым, ніколі не пытаў у начальніка міліцыі ні рубля на інструменты і прылады: усё неабходнае для выпраўлення непаладак меў сваё.

Як не аддзякаваць такому бескарысліваму работніку? І райаддзел хадайнічае аб занясенні партрэта Касаўца на раённую Дошку гонару. Даведаліся пра гэта ў калгасе – і пакрыўдзіліся: забірайце тады свайго Касаўца зусім! А начальнік міліцыі толькі задаволена ўсміхнуўся: хто ж адмовіцца ад Кулібіна?! Так і працаваў Баляслаў Антонавіч яшчэ шмат гадоў у праваахоўнікаў. То вымольваў адпачынак, то ізноў паддаваўся на просьбы.

Ён з маладых гадоў ведаў усе цяжкасці міліцэйскай службы. У адзін час, калі былі папулярны народныя дружыны, так праявіў сябе ў грамадскай справе, што атрымаў у падарунак гадзіннік (між іншым, той спраўна адлічвае час да гэтай пары).

Працоўная кніжка Касаўца ўсыпана падзякамі і ўзнагародамі. То ён пераможца сацыялістычнага спаборніцтва, то прымае падзякі і падарункі, то адзначаецца як рацыяналізатар. А ў 1981 годзе – яшчэ пры Саюзнай дзяржаве – узнагароджваецца медалём “За працоўную доблесць”.

Ён – экскурсавод па Зэльве 40-60-х гадоў. Памятае, дзе размяшчаліся не толькі “яго” ўстановы, але і іншыя арганізацыі. Так, майстэрні райпрамкамбіната былі ў доме па вуліцы 17 Верасня, які вучні сярэдняй школы яшчэ ў 70-80-я гады ведалі як сталовую.

Кар’ераўпраўленне размяшчалася на Вакзальнай, дзе прапісалася пажарная служба. Магазін па продажу газы знаходзіўся ў будынку непадалёку ад міліцыі, у якім доўгі час працавала дзяржаўтаінспекцыя. Будынак на перакрыжаванні вуліц Перамогі і Савецкай – райкам партыі. Райвыканкам быў у тым будынку, дзе зараз цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А ГЭС, вядома, знаходзілася каля старога млына.

Хочацца нізка пакланіцца ўсім старэйшым зэльвенцам, што ў цяжкі пасляваенны час не апусцілі рукі ў адчаі, а заклалі падмурак для сённяшняга дабрабыту.

42 просм.

Ответить

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *