Хацеў бы сустрэцца з Францішкам Скарынам і Янкам Купалам. Уладзімір Мазго стаў удзельнікам двух тэлепраектаў «Беларусь-3» (відэа)

Цудоўны падарунак да дня нараджэння У.М. Мазго паднеслі яму супрацоўнікі канала БТ-3. За некалькі дзён да асабістага свята паэта Навум Гальпяровіч сустрэўся з ім у перадачы “Суразмоўцы”. А ў сам дзень нараджэння, 5 сакавіка, папулярны “Камертон” данёс да гледачоў яшчэ болей звестак пра Ганаровага грамадзяніна Зэльвенскага раёна.

Гальпяровіч традыцыйна пачынае размову з нейкага выслоўя суразмоўцы і прапануе каменціраваць яго. У Мазго яго зацікавіла фраза пра Зэльву як цэнтр Зямлі, куды заўсёды імкнецца сэрца паэта. Уладзімір Мінавіч пацвердзіў свае ранейшыя погляды на любы сэрцу куточак, дзе нарадзіўся, сталеў, рабіў першыя крокі ў паэзіі. Гаварылі пра пачатак літаратурнай дзейнасці, звязаны з раённай газетай “Праца”, дзіцячымі газетамі і часопісамі. Пра тое, як на адной з лінеек у школе дырэктар уручыў яму Ганаровую грамату ад часопіса “Бярозка” як пераможцу конкурсу.

У Зэльве Валодзя Мазго паспрабаваў свае сілы ў песенным жанры: ён, 8-класнік, пісаў верш, а 10-класнік – музыку да яго. Прэм’еру песні рыхтаваў зэльвенскі ансамбль “Русічы”. У сталіцы поспех прыйшоў з песняй “Варажба”, створанай з Сяргеем Герутам і спявачкай Інай Афанасьевай.

– Для мяне тады спецыяльна запісалі песню на касету, – згадваў паэт, – я ішоў дамоў шчаслівы-шчаслівы. І падумаць не мог, што мае песні будуць выконваць такія знакамітасці, як Анатоль Ярмоленка, Алеся, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, ансамблі “Сябры” і “Бяседа” (і нават Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь), а пісаць музыку – Алег Елісеенкаў, Якаў Навуменка, Эдуард Ханок і іншыя.

Сам удзельнік Зэльвенскіх сакавін, Навум Гальпяровіч папрасіў крыху падрабязней расказаць пра гэтае свята. І Уладзімір Мінавіч прыгадаў першыя спатканні з чытачамі ў роднай школе №2, першых сталічных гасцей, якія згадзіліся прыехаць на яго радзіму. І пра ідэю раённага свята, што паступова зарадзілася ў яго і арганізатараў сустрэч.

– Зараз мы едзем ужо не ў школу, а ў раённы Дом культуры, дзе збіраюцца і школьнікі, і дарослыя зяльвяне, – расказваў паэт. – І мяне радуе, калі потым у сацыяльных сетках з’яўляюцца водгукі, землякі дзякуюць гасцям свята.

У Гальпяровіча да сваіх суразмоўцаў ёсць некалькі традыцыйных пытанняў. Адно з іх – “Дзе варта пабываць кожнаму беларусу?”– доўгага роздуму ва Уладзіміра Мазго не выклікала. Ён запрасіў наведаць любімыя ім мясціны на радзіме: Сынкавіцкую царкву, Зэльвенскае вадасховішча і Ганненскі кірмаш.

Заўсёды цікава слухаць адказы гасцей Гальпяровіча на такія пытанні: “Што чытае чарговы госць?”, “Якіх беларускіх пісьменнікаў любіць і хацеў бы бачыць?”, “Што для госця родная мова?”. Уладзімір Мінавіч як намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Неман” чытае, вядома, шмат. Але гэта – па абавязку службы. А вось для душы зараз знаёміцца са зборнікам “Мая Радзіма”. І патлумачыў чаму: у ім – творы дзесяці ўдзельнікаў Зэльвенскіх сакавін. Марыць прэзентаваць гэтую кнігу разам з укладальніцай Аленай Стэльмах на Сакавінах-2020.

Калі б існавала машына часу, што пераносіла б у мінулыя гады, Мазго вельмі хацеў бы сустрэцца з Францішкам Скарынам і Янкам Купалам. А пра родную мову ён не раз гаварыў у вершах. Таму і адказаў словамі з верша-песні, створанай з Алегам Елісеенкавым: “Беларуская мова – наша з небам размова – жаўруковая песня мая”.

Больш падрабязней з жыццём і творчасцю Мазго гледачы маглі пазнаёміцца, паглядзеўшы праграму “Камертон”. Здымкі праходзілі ў Мінску. Мы бачым Уладзіміра Мінавіча ў Доме літаратара, дзе ён вырашае справы як старшыня секцыі дзіцячай літаратуры, а нас знаёміць з серыямі кніг, што выдае Саюз пісьменнікаў Беларусі. Расказвае пра дзіцячае захапленне кнігамі, юначае жаданне стаць штурманам на судне далёкага плавання, і як, не здзейсніўшы гэтай мары, усё-такі змог пабачыць мора. І не адно. Летам – Чорнае, калі ў студатрадзе працаваў на поўдні краіны. І ў розныя поры – Балтыйскае, бо служыў у войску ў Калінінградзе. А ў сусветнае плаванне адправіўся яго герой – кот Васіль з “Прыгодаў марахода”.

У студэнцкія гады на філфаку БДУ выкладчыкам Уладзіміра быў незабыўны А.А. Лойка. Ён жа ўзначальваў і літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”, праз якое прайшлі разам з Мазго многія вядомыя нам пісьменнікі: Вольга Русілка, Мікола Мятліцкі, Уладзімір Ягоўдзік, Уладзімір Марук… (потым некаторыя з іх стануць гасцямі Зэльвенскіх сакавін).Паэт – часты госць сталічных школ і бібліятэк. Аднойчы пазваніў яму спявак Аляксандр Саладуха і даў трубку дачушцы. Тая прачытала для дзядзькі Валодзі яго ж верш, а бацька папрасіў паэта сумесна наведаць школу, дзе вучылася дачка.

Даведаліся мы і пра гісторыю стварэння некаторых песень. Часцей за ўсё кампазітары пішуць музыку на гатовы твор, а бывае і наадварот. Гэтак адбывалася ў Елісеенкава, калі ён не мог падабраць да гатовай музыкі адпаведны верш. Звярнуўся да Мазго. І ў яго атрымалася! Так нарадзіліся чароўныя “Косы твае”. Каля трох гадоў выконвала музыку да аднаго з вершаў паэта Ядвіга Паплаўская. Ён ужо і забыў, што даваў яго спявачцы-кампазітару. І поўнай нечаканасцю было пачуць у выкананні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча “Святло вачэй” на адным з канцэртаў.

Шмат урыўкаў з песень Мазго прагучала ў “Камертоне”: “Дачнікі”, “Вечарынка”, “Я і ты”, “Варажба”, “Несцерка”, ”Косы твае” і інш.

Калі хто яшчэ не пасябраваў з каналам БТ-3, – спяшайцеся! Можаце прапусціць шэраг найцікавейшых сустрэч з вядомымі творцамі, у тым ліку і гасцямі Зэльвенскіх сакавін.

Оставьте ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *