Яны змагаліся за Радзіму – малую і вялікую… У Зэльве засталося 6 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны

Мы, пасляваенныя пакаленні, што не ведаюць усіх жахаў вайны, удзячныя землякам, якія адстойвалі права на мірнае жыццё. На жаль, з кожным годам іх застаецца ўсё менш: 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі на Зэльвеншчыне сустрэлі 6 ветэранаў. Час няўмольны…

Дзяўчына-партызанка

Калі пачалася вайна, Ганна Захараўна Утлік (дзявочае прозвішча Валадашчык) была яшчэ падлеткам. 11-гадовай дзяўчынцы ўрэзалася ў памяць, як на Зэльвеншчыну прыйшлі немцы. То ў адным, то ў другім баку вёскі чуліся стрэлы. Ахвярамі акупантаў станавіліся і дарослыя, і дзеці.

Людзі не хацелі мірыцца з такім становішчам. Валадашчыкі ўсёй сям’ёй пайшлі ў партызаны. Аню і маці “прыкамандзіравалі” да кухні. Разам з іншымі жанчынамі яны не толькі гатавалі ежу, мылі бялізну, але і спасцігалі партызанскую навуку. Дзяўчынка разам з сяброўкамі хадзіла ў разведку ў навакольныя вёскі.

У 1944 годзе Ганна Утлік разам з іншымі партызанамі атрада “Ленінскі” перажыла самую страшную блакаду партызанскіх фарміраванняў, што дыслацы раваліся ў Ліпічанскай пушчы. Некалькі дзён галодныя і змучаныя яны вырываліся з варожага акружэння. Аня і яе родныя вытрымалі гэты іспыт дастойна.

Потым была радасная сустрэча з нашымі войскамі і вяртанне дамоў.

У 16 год стала сувязной

Марыя Мікалаеўна Курман – былая сувязная атрада імя Будзённага партызанскай брыгады “Перамога”.

Мірнае жыццё абарвалася, калі ёй было 15 гадоў. Акупацыя прынесла цяжкія выпрабаванні. У в. Дзешкавічы, адкуль родам дзяўчына, дзейнічала антыфашысцкае маладзёжнае падполле.

Дзяўчаты і хлопцы збіралі звесткі пра варожыя фарміраванні і перадавалі ў атрад. На сустрэчы з партызанамі іншы раз даводзілася хадзіць аж за 15 кіламетраў. Па дарозе часта натыкаліся на варожыя патрулі. Бывала, што на сустрэчу з сувязнымі прыходзіў сам камандзір атрада імя Будзённага Рыгор Кірылаў, дзякаваў за каштоўную інфармацыю.

Каб здабыць патрэбныя звесткі, Марыя з сяброўкай ўладкаваліся прыбіральшчыцамі ў спецкамендатуру, пры якой дзейнічаў карны атрад. Знаходзіцца побач з ворагам было небяспечна. Але падпольшчыцы перасільвалі страх. Яны вельмі радаваліся, калі дзякуючы іх інфармацыі партызаны пускалі пад адхон нямецкія эшалоны, рыхтавалі засады ў самых нечаканых для ворага месцах.

Удзельнік дзвюх вырашальных бітваў

Міхаілу Мікалаевічу Кузняцову выпаў лёс прыняць удзел у дзвюх вырашальных бітвах Вялікай Айчыннай вайны: за Курскі выступ у 1943-м і за вызваленне Беларусі ў 1944-м.

Як добра знаёмага з тэхнікай чалавека яго спачатку накіравалі на курсы радыстаў. Да бітвы на Курскай дузе быў радыстам танкавай брыгады, потым – матацыклетнага палка Прыволжскай ваеннай акругі.

У чэрвені 1943 года Міхаіла Кузняцова накіравалі ў танкавую брыгаду, якую ўзначальваў генерал Ракасоўскі. Усё лета прайшоў Міхаіл з войскамі Цэнтральнага фронту, вызваляў не адзін населены пункт. У адным з баёў Міхаіл Мікалаевіч быў цяжка паранены. Падлячыўшыся, ён стаў салдатам іншага фронту – 3-га Беларускага, аднаго з тых, што вызваляў нашу рэспубліку летам 1944 года.19-гадовы сяржант камандаваў ад дзяленнем аўтаматчыкаў танкавага дэсанта.

Гераічны шлях

Уладзімір Зіноўевіч Кашуткін павестку ў армію атрымаў у 1942 годзе, калі яму споўнілася 18 гадоў.

На фронце ўжо ваявалі старэйшыя браты і муж сястры. Сам жа Уладзімір спачатку атрымаў назначэнне ў Асінскае ваенна-пяхотнае
вучылішча, затым – на фронт.

Галоўным накірункам дывізіі, у якой служыў Уладзімір Кашуткін, быў Смаленск: вызвалялі адзін населены пункт за другім – Вязьму, Ярцава… Страты былі вельмі вялікія. Часам у роце заставалася так мала людзей, што назваць яе баявой адзінкай можна было толькі ўмоўна.

Першае раненне франтавік атрымаў у час абарончых баёў ад мінамётнага абстрэлу. Некалькі таварышаў Уладзіміра загінулі на яго вачах. Вызваляў Кашуткін і Беларусь.

Дайшоў да Берліна

Шмат давялося перажыць у гады вайны Івану Жуку. Разам з бацькам і братам ён трапіў у фашысцкае рабства – на прымусовыя работы ва Усходнюю Прусію. Мужчыны былі вызвалены савецкімі войскамі.

Іван Аляксандравіч з ліку тых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія прынялі ваенную прысягу, калі Чырвоная Армія ўжо ішла вызваленчым паходам па Еўропе. І было зразумела, што блізіцца канец вайны, крах фашызму. Але да Перамогі трэба было прайсці яшчэ нямала кіламетраў занятых праціўнікам тэрыторый.

На фронце Іван Жук быў кулямётчыкам. Часам трымаць абарону даводзілася па некалькі дзён запар. Франтавік удзельнічаў у вызваленні Польшчы, біў ворага ў Германіі. Доўгачаканую Перамогу сустрэў пад Берлінам.

Распісаўся на рэйхстагу

Васілій Канстанцінавіч Яўхута ваенную службу пачынаў у вучэбным палку ў Бабруйску, дзе атрымаў спецыяльнасць кулямётчыка. Пасля кароткатэрміновай падрыхтоўкі быў адпраўлены на фронт, у мінамётную батарэю.

Першае баявое хрышчэнне атрымаў у Польшчы. Там баявы разлік 12-міліметровага мінамёта падтрымліваў агнём наступаючую пяхоту. Франтавік удзельнічаў у Вісла-Одэрскай ваеннай аперацыі. Баі былі цяжкімі: на ўчастку наступлення кожны метр быў паліты крывёю нашых салдат і афіцэраў. Шмат савецкіх воінаў палягло пры фарсіраванні ракі Одэр.

На подступах да Берліна днём і ноччу войскі атакавалі варожыя пазіцыі. Дайшоўшы да рэйхстага, савецкія байцы пачалі распісвацца на сценах. Васій Канстанцінавіч Яўхута таксама пакінуў там свой подпіс.

Оставьте ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *