Іх імёнамі названы вуліцы – Заслонаў і Камароў

Вуліца Заслонава

Канстанцін Сяргеевіч Заслонаў нарадзіўся ў г.Асташкаў Цвярской вобласці Расіі 7 студзеня 1910 г. Хутка сям’я Сяргея Гаўрылавіча Заслонава пераехала ў Пецярбург, дзе галава сям’і працаваў у купца на піўным складзе. Потым, ужо пасля першай сусветнай вайны, у якой прымаў удзел і Сяргей Гаўрылавіч, аселі ў Віцебскай губерніі, непадалёку ад Невеля.

Маленькі Косця быў вялікім ахвотнікам да вучобы. Калі скончыў пачатковую школу ў Парэччы, вырашыў працягваць навучанне ў Невельскай школе. Бацька быў катэгарычна супраць, і нічым не дапамагаў сыну. Каб хутчэй самому зарабляць на хлеб, хлопчык вырашыў атрымаць прафесію, якая дала б яму такую магчымасць. З Невеля ён адпраўляецца ў Вялікія Лукі, каб стаць машыністам паравоза. Любоў да паравоза ўзнікла ў дзяцінстве, як толькі ён пабачыў і пачуў гэты цуд. Без цяжкасці паступіў у прафесіянальна-тэхнічную школу, дзе стараўся авалодаць усімі спецыяльнасцямі, якія там выкладалі. Летам працаваў качагарам. Стамляўся так, што ледзь дабіраўся да ложка, але не расчараваўся ў будучай прафесіі. Наадварот, ганарыўся сваёй работай, нават спяцоўку не здымаў, калі вяртаўся дадому.

Першае месца працы пасля заканчэння вучылішча – Віцебскае дэпо. Там Канстанцін адпрацаваў некалькі месяцаў машыністам, а потым як здольнага спецыяліста яго перавялі майстрам у дэпо. Работы было вельмі многа, а прафесіяналаў – мала. Трэба было самому быць і слесарам, і майстрам, і інжынерам, і настаўнікам. Вучыў іншых, вучыўся сам. Яго крэда ўвогуле было такім: вучыцца трэба заўсёды, усюды і ўсяму! Калі краіна кінула кліч: “Чыгуначнікі – на прарыў, на асваенне Далёкага Усходу”, – Заслонаў адгукнуўся на яго. Зрабіў прапанову любай дзяўчыне Рыце, ажаніўся і ўжо ў статусе сямейнага чалавека атрымаў накіраванне на станцыю Вяземскую, якая лічылася важным вузлавым пунктам на Далёкім Усходзе. Тут было паравознае дэпо, у якое паступалі такія ж старыя паравозы, як і паўсюль па краіне. Даводзілася з дух паравозаў сабраць адзін, з трох – два. Канстанцін Сяргеевіч дняваў і начаваў на рабоце, і змог нават перавыканаць план па ўзнаўленні паравознага парка. Заслонава выклікалі ў Маскву ў Наркамат шляхоў зносін, падзякавалі за працу і падарылі швейцарскі гадзіннік.

Новае назначэнне – памочнік начальніка дэпо ў Віцебску. У гэты час ужо пачалі выпускаць новыя серыі магутных машын, але іх было вельмі мала, таму па-ранейшаму збіралі-рамантавалі старыя паравозы. Толькі наладзіліся справы ў Віцебску, як Заслонаў атрымлівае новае заданне: арганізаваць работу дэпо ў Новасібірску.

Там было асабліва цяжка: Заслонаў атрымаў сакрэтнае заданне па высочванні банды, якая перахоплівала самыя каштоўныя грузы. Канстанцін Сяргеевіч банду высачыў, але сам ледзь не паплаціўся жыццём. Выратаваўся цудам, доўга лячыўся пасля шасці атрыманых ран.

Наступнае назначэнне – зноў Віцебскае дэпо, якое за кароткі час стала адным з лепшых на Заходняй чыгунцы. І не дзіўна: кіраўнік дэпо быў прыкладам і на працы, і ў сямейным жыцці. Людзі працавалі не лічачыся ні з бытавымі цяжкасцямі, ні з праблемамі на рабоце. І Заслонаў быў заўсёды побач.

Калі адкрылі новую магістраль на Чарнігаў, Заслонава кідаюць на адзін з адстаючых участкаў на ёй – у Раслаўль. Ізноў даверанае Канстанціну Сяргеевічу дэпо хутка выходзіць у перадавікі. Заслонава ўзнагароджваюць медалём “За трудовое отличие”.

Неўзабаве – новае назначэнне: у Оршу. Гэта было ў 1939 годзе. Тут і застала Заслонава з сям’ёй вайна. Як і многія, Канстанцін Сяргеевіч спадзяваўся на хуткую перамогу над фашыстамі.

…У верасні 1941 года Заслонаў сфарміраваў з чыгуначнікаў партызанскі атрад у Маскве, з якім у кастрычніку перайшоў лінію фронту. Сам прыйшоў у акупаваную Оршу і ўладкаваўся ў дэпо на работу. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверсійных груп, якія наладзілі сувязь з Аршанскім патрыятычным падполлем. Разам рабілі ўсё магчымае, каб паралізаваць работу важнага чыгуначнага вузла. За тры месяцы заслонаўцы арганізавалі каля 100 крушэнняў цягнікоў, вывелі са строю і знішчылі больш за 200 паравозаў, тысячы вагонаў і цыстэрн, шмат іншай тэхнікі ворага.

Пакуль удавалася адводзіць падазрэнні ворага, Заслонаў заставаўся ў дэпо. Але ўзнікла рэальная пагроза разрыву сувязяў між групамі, і давялося з нелегальнага становішча пераходзіць на легальнае: “Дзядзька Косця” ўзначальвае партызанскі атрад, які потым перарастае ў брыгаду. Дыверсіі на чыгунцы працягваліся. Яны ахапілі тэрыторыі Аршанскага, Багушэўскага, Сенненскага, Ліёзненскага і іншых раёнаў Віцебшчыны.

Загінуў Канстанцін Заслонаў у час Купавацкага бою 14 лістапада 1942 года. У 1955 г. быў перапахаваны каля будынка Аршанскага вакзала. На месцы гібелі героя і на магіле пастаўлены помнікі. У Оршы створаны мемарыяльны музей. Яго імя носіць лакаматыўнае дэпо ў Оршы, птушкафабрыка ў Ліёзненскім раёне, дзіцячая чыгунка ў Мінску, музей і сярэдняя школа №10 у Оршы, цеплавоз і мноства вуліц у гарадах і пасёлках Беларусі, у тым ліку і Зэльве. У Кнігу народнай славы Сенненскага раёна, дзе загінуў Герой Савецкага Саюза, яго імя занесена навечна.

Вуліца Камарова

Лётчык-касманаўт СССР, інжынер-палкоўнік, двойчы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Міхайлавіч Камароў нарадзіўся ў г. Масква 16 сакавіка 1927 г. Адным з першых быў прыняты ў атрад каманаўтаў (у 1960 г.).

У 1945 г. закончыў спецшколу Ваенна-Узброеных Сіл, а ў 1949-м – Батайскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча імя А.К.Сярова. Працягваў навучанне ў Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя М.Я.Жукоўскага, якую закончыў у 1959-м годзе.

Першы касмічны палёт на караблі “Усход” у якасці камандзіра карабля здзейсніў 12-13 кастрычніка 1964 г. Гэта быў першы ў свеце палёт на шматмесным касмічным караблі. Разам з камандзірам даследаванні вялі навуковы супрацоўнік К.П.Феакцістаў і ўрач Б.Б.Ягораў. Вывучалі працаздольнасць і ўзаемадзеянне касманаўтаў, уплыў касмічнага палёту на арганізм чалавека. Упершыню ў практыцы палётаў не выкарыстоўвалі скафандры.

Другі палёт Камарова ў красавіку 1967 г. закончыўся трагічна. Касманаўт-інжынер выконваў праграму адпрацоўкі сістэм новага карабля “Саюз-1”. У час пасадкі перастала дзейнічаць парашутная сістэма. Пахавалі героя на Чырвонай плошчы ў Маскве.

За вялікія заслугі перад Радзімай У.М.Камароў быў узнагароджаны медалём імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР, залатым медалём “Космас” і медалём Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі, ордэнам “Ружа вятроў” з брыльянтам Камітэта па аэранаўтыцы і касмічных палётах. А Ганаровым дыпломам імя самога Камарова ўзнагароджваюцца даследчыкі ў вобласці касманаўтыкі.

Імя Камарова носяць вуліцы больш як 30-ці гарадоў і 20-ці сёл і пасёлкаў.

У Зэльве вуліцу назвалі імем героя неўзабаве пасля яго гібелі, калі пачалі забудоўваць новую вуліцу.

Оставьте ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *