У дзень 100-годзя ЛКСМБ былыя камсамольцы падзяліліся шчырымі ўспамінамі

У дзень 100-годдзя ЛКСМБ ў раённай бібліятэцы сабраліся былыя актывісты зэльвенскай камсамоліі, каб за круглым сталом згадаць пра сваю кіпучую і незабыўную маладосць. Рыхтавалі гэтае вельмі насычанае мерапрыемства і бібліятэкары, і прэзідыум раённага савета ветэранаў на чале з С.У.Баганам. Сяргей Уладзіміравіч да святочнай даты падрыхтаваў проста ўнікальную фотавыставу з жыцця моладзі 60-80-х гадоў. Кожны, хто прыходзіў у бібліятэку, спыняўся каля кніжнай выставы, падрыхтаванай бібліятэкарамі (“100 гадоў ЛКСМ: гісторыя і лёсы”) і гэтай, што захавала сённяшніх ветэранаў маладымі і энергічнымі. Вось калектыў камсамольцаў калгаса «Кастрычнік» на чале з Данутай Клыбік. Яны атрымалі ў 1975-м годзе права першымі ў раёне абмяняць камсамольскія білеты старога ўзору на новыя. А побач – моладзь “Маладой гвардыі” з Пятром Махначом. А тут – прадстаўнікі зэльвенскай моладзі сярод гродзенскіх актывістаў, самая маладая трактарыстка калгаса імя Мічурына Ю.А.Буцько на сваім трактары…

Старшыня раённага савета ветэранаў шчыра падзякаваў прысутным за ўдзел у круглым стале, нагадаў імёны самых актыўных членаў камсамола 50-90-х гадоў. Сярод іх і работнікі райкама (М.Р.Янушкевіч, В.Д.Зянько, А.А.Амбражэвіч, М.К.Літвінчык, В.П.Шмыроў, А.У.Карповіч), і сакратары камсамольскіх арганізацый калгасаў (Я.В.Сончык, М.У.Санукевіч, М.П.Шаўчэня, С.У.Сіневіч, М.П.Заяц), і радавыя камсамольцы ўстаноў і арганізацый. А што да ўдзелу моладзі ў жыцці раёна, то тут можна гаварыць бясконца. Пра конкурсы прафесійнага майстэрства, суботнікі, спаборніцтвы, будаўніцтвы стадыёнаў, закладку паркаў і сквераў, эстафеты памяці і г. д.

Вядучыя круглага стала Наталля Таболіч і Наталля Цынс, а таксама адказная за відэапаказ Марына Варабей расказалі і паказалі хвалюючую гісторыю беларускага (у тым ліку і зэльвенскага) камсамола ад 20-х да 90-х гадоў.

Першыя камсамольскія ячэйкі ў нашым раёне ствараліся падпольна. Дзейнічалі яны ў вёсках Барадзічы, Варонічы, Вострава, Залацеева, Івашкавічы, Конна, Пляцянічы…

У 1940-м пачаў працаваць Зэльвенскі райкам камсамола. У час ваенных падзей дзейнічаў падпольна райкам камсамола ў партызанскай брыгадзе “Перамога”, і ўзначальваў яго Пётр Крохін. У канцы вайны на тэрыторыі Зэльвеншчыны працавалі 5 падпольных камсамольскіх і 24 камсамольска-маладзёжных арганізацый.

У пасляваенны час павёў за сабой моладзь былы партызан атрада імя Дзяржынскага  Павел Емельянчык. У 50-ыя гады менавіта ў нас пачынаў працоўную кар’еру Дзмітрый Арцыменя спачатку як другі, а потым першы сакратар райкама.

Значна вырасла раённая камсамольская арганізацыя ў 60-70-ыя гады. Шмат актывістаў той пары сталі потым кіраўнікамі розных устаноў і арганізацый не толькі на Зэльвеншчыне, але і ў іншых рэгіёнах рэспублікі.

Шэраг пераўтварэнняў адбылося ў гісторыі камсамола ў канцы мінулага стагоддзя. Зараз маладзёжная арганізацыя Беларусі мае іншую назву “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” (БРСМ), але ветэраны па-ранейшаму лічаць сваіх паслядоўнікаў камсамольцамі. Таму з вялікай ахвотай уручалі білеты лепшым прадстаўнікам зэльвенскай моладзі, якія толькі што сталі членамі раённай арганізацыі БРСМ: Даніілу Іванову, Яўгену Кірвідзе, Дзіяне Мазалеўскай, Дар’і Найдзен, Ілоне Паляковай, Ксеніі Самедавай, Таццяне Хабед, Анастасіі Цішко, Іллі Юргелю, Максіму Юшкевічу і Юліі Ясюкевіч.

Успамінамі аб сваёй непаўторнай камсамольскай маладосці дзяліліся многія прысутныя. Былы сакратар камсамольскай арганізацыі саўгаса імя 18-га партз’езда В.М.Нагула моцна зацікавіў аповедам аб выпуску ў гаспадарцы светагукавых газет. Тады зрабіць гэта было вельмі складана. Задзейнічалі не адзін тэхнічны сродак (магнітафон, фотаапарат, дыяпраектар, эпідыяскоп), каб дасягнуць належнага эфекту. Асабліва ўдзячныя камсамольцам былі сем’і загінуўшых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, калі ў Дзень Перамогі ў клубе пачулі хвалюючы расказ пра дарагіх людзей.

Старэйшы з прысутных камсамолец А.С. Вярстак уступіў у камсамол у 1953 годзе. Вопыт важака набываў у Зэльве, і ён вельмі спатрэбіўся ў арміі. Анатоль Станіслававіч служыў на крэйсеры “Арджанікідзэ” у Балтыйску,  і камсамольцаў у яго было каля трохсот чалавек. Пасля арміі лёс зноў звёў яго з камсамольцамі: працаваў пад началам незабыўнага Дзмітрыя Арцымені. З той пары лічыць: калі чалавек не прайшоў праз камсамол, добрага кіраўніка з яго не атрымаецца.

Важаком флоцкай моладзі быў і В.М.Панін. Яму давялося ўдзельнічаць у з’езде армейскага камсамола Поўначы. І не дзіва: ён вёў за сабой 1200 маладых маракоў! А пачынаў камсамольскую кар’еру як сакратар моладзі зэльвенскіх ашчаднай касы і банка.

Л.К.Руды набыў неацэнны вопыт работы з моладдзю калгаса імя ХХ партз’езда. Успамінаў пра многіх слаўных працаўнікоў, асобнае слова прысвяціў сваёй былой аднакласніцы Алене Мікені. Да слова: усе прысутныя памятаюць Алену Максімаўну і былі б вельмі ўдзячны работнікам рэдакцыі, каб яны сустрэліся з жанчынай і расказалі пра яе сённяшнім зэльвенцам.

Пра тое, як хваляваліся перад уступленнем у камсамол, як штудзіравалі статут згадвалі многія, бо вельмі адказна ставіліся да членства ў гэтай масавай арганізацыі. Лідар каралінскай моладзі В.У.Сачок да гэтай пары памятае, як часта даводзілася наведваць сваіх камсамольцаў у брыгадах, на фермах, як на сваім матацыкле звозіў хлопцаў і дзяўчат на сходы ці суботнікі. Л.У. Біч (к-с імя Чарняхоўскага) сказала: “У нас на першым месцы быў чалавек працы, і мы выхоўвалі моладзь на прыкладах адносін да работы старэйшых аднавяскоўцаў”.

Былыя лідары раённай арганізацыі, што прысутнічалі ў бібліятэцы, – В.Д. Зянько, М. П. Заяц, Л.М. Голуб, Т.П. Броска – таксама падзяліліся ўспамінамі пра дзейнасць камсамола ў 60-80-ыя гады. А М.І. Януль ад імя зэльвенскіх і гродзенскіх камуністаў павіншаваў прысутных са святам і пажадаў не траціць маладога запалу і надалей. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г.М. Раманчук таксама сардэчна віншавала былых камсамольцаў, дзякавала за актыўнасць і жадала моцнага здароўя. Яна адказала і на пытанні ўдзельнікаў святочнай імпрэзы.

Оставьте ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *