Неацэнныя ўрокі гісторыі. Круглы стол «Сіла народа – у адзінстве» прайшоў у раённым доме культуры і народнай творчасці

На круглы стол “Сіла народа – у адзінстве” ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці сабраліся прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый – РГА “Белая Русь”, ГА “Беларускі саюз жанчын”, прафсаюзных арганізацый, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, а таксама работнікі ўстаноў культуры раёна. У зале прысутнічаў лектар рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды” Сяргей Грэсь.

З самага пачатку прыцягнуўшы ўвагу неабыякавай аўдыторыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Міхайлавіч данёс актуальную грамадска-палітычную, гісторыка-культурную інфармацыю па тэме “Аб’яднанне беларускага народа ў 1939 годзе як аб’ектыўны гістарычны працэс”.

Як ён адзначыў, уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі – справядлівая для беларусаў і неабходная для разумення станаўлення суверэннай беларускай дзяржаўнасці падзея – адбылося пры вельмі складаных і супярэчлівых абставінах. У процівагу негатыўным стэрэатыпам, што склаліся апошнім часам у грамадстве ў дачыненні да знакавага для беларусаў года, прадстаўнік аб’яднання інфармацыйнай і грамадскай прасторы краіны пры асвятленні тэмы аперыраваў лічбамі, і прыведзеныя ім аргументы, яркая прэзентацыя матэрыялу далі дастаткова поўную карціну падзеі і яе перадгісторыі.

І сёння гістарычная памяць − лічыць выступоўца − магутны фактар кансалідацыі беларускага грамадства. Так, тэрытарыяльныя рамкі Беларусі практычна ранейшыя з канца 1939 года. Відавочны рост сацыяльна-эканамічных паказчыкаў Заходняй Беларусі ў канцы 1939-га, у 1940-ым гг. быў бы немагчымым без дапамогі ўсходніх абласцей БССР і ўсяго Савецкага Саюза. А з іншага боку, за 15 гадоў прамысловая вытворчасць новастворанай Беларускай ССР павялічылася ў 23 разы!

І сапраўды, дата 17 верасня як своеасаблівы мост паміж мінулым і будучыняй і надалей будзе напамінам пра тое, што адзінства − перш за ўсё згуртаванасць нацыі, захаванне ёю культурна-гістарычных традыцый і духоўна-маральных каштоўнасцяў.

Напрыканцы лектар выразіў агульнае меркаванне ўдзельнікаў сустрэчы: “Выступаючы адзіным фронтам, беларусы не проста аб’ядноўваюцца, а захоўваюць незалежнасць сваёй краіны. Гэта тая мэта, якой павінен прытрымлівацца кожны грамадзянін. Мы можам і павінны ўкладваць свае сілы ў далейшае развіццё Беларусі, яе дабрабыт. Галоўнае − рабіць усё разам, з любоўю і шчырай верай у пазітыўны вынік”.

Меркаванне

Сяргей ГРЭСЬ:

 У лёсе беларускага народа значыцца 17 верасня 1939 года − адметны дзень, які даў штуршок для будаўніцтва незалежнай беларускай дзяржавы.

Прычыну ўз’яднання народа Беларусі варта шукаць яшчэ ў 1921-ым, з падпісання Рыжскай мірнай дамовы. Набытыя Польшчай тэрыторыі Заходняй Беларусі (“крэсы всходне”) сталі аграрным прыдаткам да ўласных прамысловых раёнаў, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы. Насельніцтва падвяргалася апалячванню, знішчалася любая нацыянальная культура і спробы яе аднаўлення. Напрыклад, калі ў 1927 легальна выдавалася 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1930-м – толькі 12, а ў 1932-м −  усяго 8.

Абвясціў жа 17 верасня (як бачым, невыпадкова) Днём вызвалення Заходняй Беларусі ад польскай буржуазіі і памешчыкаў Народны сход Заходняй Беларусі, які адбыўся 28-30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. Дарэчы, у ліку 563 сялян, 197 рабочых, 12 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, 29 служачых, 25 рамеснікаў на ім прысутнічаў і 68-гадовы дэпутат, селянін з в.Насевічы Ваўкавыскага павета Сцяпан Струг − ён і адкрыў форум.

Для сябе асабіста вызначаю адзінства як згуртаванне народа на карысць агульных інтарэсаў. Пакуль яно ёсць, мы заўсёды будзем рухацца па шляху стварэння.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *